NY Times: Расія праваліла шматлікія кібератакі на Украіну ў пачатку вайны, але прапаганда працуе мацней

Новая справаздача, апублікаваная Microsoft, паказала, што Масква праваліла большасць кібератак супраць Украіны, але ўклала нашмат больш грошаў у дэзынфармацыю і стварэнне фэйкаў, чым чакалася, піша The New York Times.

29.06.2022 / 10:55

Фота: Adam Thomas

Згодна з даследаваннем, Масква правяла больш кібератакаў, чым лічылася, каб падтрымаць сваё ўварванне, але больш за дзве траціны з іх пацярпелі няўдачу, што паўтарае першыя няўдачы на поле бою.

Але яно сведчыць і пра тое, што ўрад Пуціна зрабіў больш, чым чакалася ў кампаніі дэзынфармацыі, накіраванай на стварэнне спрыяльнай для Расіі карціны вайны, уключаючы прасоўванне версіі пра тое, што ЗША таемна вырабляюць біялагічную зброю на тэрыторыі Украіны.

Даклад з'яўляецца апошняй спробай многіх груп, уключаючы амерыканскія разведвальныя службы, зразумець ўзаемадзеянне фізічнай вайны з паралельнай барацьбой у кіберпрасторы. У дакладзе паказваецца, што Украіна добра падрыхтавалася да адбіцця кібератакаў пасля таго як трывала іх на працягу многіх гадоў.

Гэта першая поўнамаштабная вайна, у якой традыцыйная зброя і кіберзброя выкарыстоўваюцца разам, і цяпер свет спешна вывучае нябачаную раней дынаміку паміж імі.

Першапачаткова аналітыкі і ўрадавыя чыноўнікі былі ўражаныя адсутнасцю разбуральных расійскіх нападаў на энергасістэму і сістэмы сувязі Украіны. У красавіку нацыянальны кібердырэктар прэзідэнта Байдэна, Крыс Інгліс, сказаў, што «пытанне моманту» заключаецца ў тым, чаму Расія не распачала «вельмі значныя кібератакі, па меншай меры, супраць НАТА і ЗША». Ён выказаў здагадку, што рускія думалі, што яны хутка перамогуць, але «адцягнуліся», калі ваенныя дзеянні сутыкнуліся з перашкодамі.

У дакладзе Microsoft сказана, што Расія распачала спробу буйной кібератакі 23 лютага, за дзень да ўварвання. Гэтая атака з выкарыстаннем шкоднаснай праграмы пад назвай FoxBlade і мусіла знішчыць дадзеныя ва ўрадавых сетках. Прыкладна ў той жа час Расія атакавала сетку спадарожнікавай сувязі Viasat, спадзеючыся нанесці шкоду ўкраінскім вайскоўцам. Але паколькі яны не нанеслі вялікай шкоды, пра іх не было шырока вядома.

У многіх выпадках Расія каардынавала прымяненне кіберзброі са звычайнымі нападамі, уключаючы вывад з ладу камп'ютарнай сеткі атамнай электрастанцыі перад тым, як увесці свае войскі для яе захопу, сказаў Брэд Сміт, прэзідэнт Microsoft. Прадстаўнікі кампаніі адмовіліся ўдакладніць, пра якую менавіта АЭС ідзе гаворка.

У той час як большая частка кіберактыўнасці Расіі была сканцэнтраваная на Украіне, Microsoft выявіла 128 сеткавых атак у 42-х краінах.

З усіх атак толькі 29 адсоткаў былі паспяховымі і, па заключэнні Microsoft, толькі чвэрць з іх прывяла да крадзяжу дадзеных.

За межамі Украіны Расія засяродзіла свае атакі на ЗША, Польшчы і двух краінах, якія хочуць уступіць у НАТА, Швецыі і Фінляндыі. Іншыя чальцы альянсу таксама сталі мішэнню, асабліва калі яны пачалі пастаўляць Украіне больш зброі. Аднак гэтыя парушэнні былі абмежаваныя назіраннем, што сведчыць аб тым, што Масква спрабуе пазбегнуць прамога ўключэння краін НАТА ў барацьбу з дапамогай кібератак, гэтак жа як яна ўстрымліваецца ад фізічных нападаў на гэтыя краіны.

Аднак Microsoft, іншыя тэхналагічныя кампаніі і ўрадавыя чыноўнікі заявілі, што Расія спалучае гэтыя атакі з шырокімі намаганнямі па распаўсюджванні прапаганды па ўсім свеце.

Кампанія Microsoft адсочвала рост спажывання расійскай прапаганды ў ЗША ў першыя тыдні года. Ён павысіўся на 82 адсотка непасрэдна перад уварваннем ва Украіну 24 лютага, пры гэтым штомесячны аб'ём праглядаў старонак складаў ад 60 да 80 мільёнаў. Гэтая лічба, па словах прадстаўнікоў Microsoft, канкурыруе з праглядамі старонак на найбуйнейшых сайтах традыцыйных СМІ ў ЗША.

У якасці прыкладу Сміт прывёў расійскую прапаганду ўнутры Расіі, якая заклікае сваіх грамадзян рабіць прышчэпкі, у той час як яе англамоўныя паведамленні заклікаюць не прывівацца.

Microsoft таксама адсачыла рост расійскай прапаганды ў Канадзе за некалькі тыдняў да таго, як калона дальнабойнікаў, якія пратэставалі супраць абавязковай вакцынацыі, паспрабавала перакрыць рух у Атаве, і ў Новай Зеландыі перад пратэстамі супраць захадаў сістэмы аховы здароўя, накіраваных на барацьбу з пандэміяй.

«У выніку, лепшая абарона — гэта тое, каб мы самі былі лепшымі спажыўцамі інфармацыі, — кажа сенатар Ангус Кінг, незалежны прадстаўнік штата Мэн і член сенацкага камітэта па выведцы, — Мы павінны навучаць людзей. Я называю гэта лічбавай пісьменнасцю. Мы мусім навучыць дзяцей з чацвёртага і пятага класаў адрозніваць фэйкавы сайт ад сапраўднага».

Nashaniva.com