ДПК: Два чалавекі спрабавалі незаконна трапіць ва Украіну

Дзяржпамежкамітэт паведамляе, што напярэдадні каля ўкраінскай мяжы заўважылі двух мужчын, якія, напэўна, спрабавалі незаконна перабрацца ва Украіну. Аднаму гэта, магчыма, удалося, другога затрымалі.

30.06.2022 / 17:07

У ведамстве распавялі, што 29 чэрвеня паблізу мяжы з Украінай нарад памежнікаў заўважыў дваіх невядомых. Мужчыны не рэагавалі на каманды спыніцца і спрабавалі схавацца ў лесе. Аднаго з іх затрымалі ў памежнай паласе.

— Выразных тлумачэнняў адносна мэты знаходжання паблізу мяжы затрыманы даць не змог — паведамілі ў ведамстве.

Другі парушальнік, магчыма, здолеў незаконна перасячы мяжу і трапіць ва Украіну, мяркуюць у Дзяржпамежкамітэце.

У цяперашні час праводзяцца мерапрыемствы па высвятленні ўсіх абставінаў.

Nashaniva.com