Былога студэнта асудзілі да 6 гадоў калоніі за «стварэнне віртуальнай кнопкі» на сайце

У Брэсцкім абласным судзе 12 ліпеня вынеслі прысуд 23-гадоваму палітзняволенаму, былому студэнту-праграмісту БрДТУ Канстанціну Рудніцкаму, піша «Вясна». Судзілі яго за саўдзел у стварэнні сайта «Чорная карта акупантаў», стварэнне на ім «віртуальнай кнопкі».

15.07.2022 / 17:24

Спачатку хлопцу ставілі ў віну пяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса, але ў працэсе пракуратура перакваліфікавала яго дзеянні на больш суровы артыкул за дапамогу «Кіберпартызанам»: на ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 203-1 (дапамога ў незаконных дзеяннях з персанальнымі звесткамі) і ч. 6 арт. 16 ды ч. 3 арт. 130 (дапамога ў распальванні варожасці) Крымінальнага кодэкса.

У выніку суддзя Кацярына Груда прызначыла палітвязню шэсць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у сто базавых велічынь (3200 рублёў).

Пад вартай Канстанцін утрымліваецца ўжо сем месяцаў.

Nashaniva.com