Каб заахвоціць плаціць камуналку, у Мінску пакідаюць на паштовых скрынях налепкі «Даўжнік»

Пра такі спосаб барацьбы з неплацельшчыкамі распавяла дырэктарка ДП «Мінсккамунцепласетка» Наталля Рошчына. 

21.07.2022 / 08:53

«Работнікі прадпрыемства ў вольны час абыходзяць дамы нашых неплацельшчыкаў і наносяць на іх паштовыя скрыні налепкі «Заплаці за жыллёва-камунальныя паслугі» і «Даўжнік» без указання асабістых звестак адрасатаў. І гэта мае эфект», — распавяла «Мінск-навінам» Рошчына.

Па яе словах, неплацельшчыкі складаюць невялікі працэнт ад агульнай колькасці спажыўцоў, але недаплачанай сумы не хапае для паўнавартаснай рамонтнай кампаніі.

Рошчына звязвае праблему скарачэння тэрмінаў адключэння гарачай вады вясной і летам з праблемай неаплаты камуналкі.

Nashaniva.com