Стывена Сігала звазілі ў калонію ў Аленаўцы

Амерыканскі акцёр Стывен Сігал наведаў калонію для ўкраінскіх ваеннапалонных у Аленаўцы на Данеччыне, дзе нядаўна быў пры дзіўных абставінах разбураны адзін з баракаў, падчас чаго загінулі больш за паўсотні чалавек. Пра візіт Сігала ў Аленаўку паведаміў прапагандыст Уладзімір Салаўёў у сваім телеграм-канале.

09.08.2022 / 20:18

Сігалу паказалі ў тым ліку «аскепкі амерыканскіх ракет, якія пацвярджаюць дачыненне Кіева да масавага забойства ўласных вайскоўцаў», заявіў Салаўёў.

Як паведаміў пасля кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін, Сігал нібыта займаецца здымкамі дакументальнай стужкі пра падзеі ў Данбасе, і дзеля таго меў зносіны з ваеннапалоннымі ў Аленаўскім СІЗА.

9 жніўня калонію ў Аленаўцы таксама наведаў лідар ЛДПР Леанід Слуцкі. Разам з ім, паводле яго слоў, прыехала «каманда аб'ектыўных міжнародных экспертаў» з еўрапейскіх краін, Нікарагуа і КНДР.

Падчас выбуху, які адбыўся ў адным з баракаў Аленаўскай калоніі 29 ліпеня, загінулі 53 украінскія ваепалонныя, байцы палка «Азоў». Расійскі бок сцвярджае, што барак абстралялі ўкраінскія ракеты, але ўкраінскі гэта абвяргае. Паводле звестак украінскіх і заходніх экспертаў, трагедыя здарылася не з-за абстрэлу звонку, а з-за тэрмабарычнага выбуху знутры.

Nashaniva.com