У Літве пазбавілі дзяржаўных узнагарод фігурыстаў, якія выступалі на шоу ў Расіі

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў дэкрэт аб пазбаўленні фігурыстаў Повіласа Ванагаса і Маргарыты Драбязка Рыцарскіх крыжоў ордэна Вялікага князя Гедыміна, піша Delfi.

10.08.2022 / 13:42

Такое рашэнне было прынятае з-за таго, што Ванагас і Драбязка не адмовіліся ад удзелу ў лядовым шоу, якое ў Сочы арганізавала жонка прэс-сакратара Пуціна Таццяна Наўка. 

Прэзідэнт Літвы заявіў: «Заслугі перад літоўскай дзяржавай яны перакрэслілі цынічным учынкам удзелу ў камерцыйным мерапрыемстве ў Сочы ў той час, як ва Украіне праліваецца кроў нявінных людзей».

Наўседа таксама адзначыў, што неабходна перагледзець заканадаўчыя акты, каб можна было абмеркаваць пытанне пазбаўлення Драбязка літоўскага грамадзянства. Яго яна атрымала ў парадку выключэння, каб пара магла прадстаўляць Літву на Алімпійскіх гульнях.

Ванагас і Драбязка жывуць у Расіі.

Nashaniva.com