Пасол Швецыі ў Беларусі зменіцца

Пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан пакінула краіну ў сувязі са сканчэннем кадэнцыі.

18.08.2022 / 15:34

«Дарагія сябры, учора я пакінула Беларусь і вярнулася ў Стакгольм. Так, праляцела цэлых пяць год з моманту прыезду ў Мінск (зусім не верыцца!) і тэрмін маёй дыпламатычнай службы ў якасці Пасла Швецыі, на жаль, падышоў да свайго завяршэння», — гаворыцца ў яе звароце, размешчаным на фэйсбук-старонцы пасольства.

«Нягледзячы на тое, што гэтыя пяць год не заўсёды былі захапляльнай і вясёлай вандроўкай, былі і складаныя моманты, аднак я заўсёды і паўсюль адчувала надзейную падтрымку каманды пасольства, якая дапамагла мне пераадолець усе складанасці. Успаміны пра Беларусь, якую я за гэты час шчыра палюбіла, будуць саграваць мяне дома. І я, канечне ж, буду па вас усіх сумаваць… Сёння я кажу «да пабачэння», але не развітваюся! Упэўненая, што абавязкова вярнуся ў Беларусь, можа, наступным разам у якасці госці. І таксама буду рада бачыць вас у Швецыі!» — адзначыла Юханесан.

Дыпламатка працавала на пасадзе пасла з 2017 года.

Nashaniva.com