Пяскоў пра пастаўкі ў Расію іранскіх дронаў: Гэта ўкід

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы публікацыю The Washington Post аб пастаўках іранскіх беспілотнікаў Расіі, заявіў, што выданне публікуе «шмат укідаў», паведамляе «РБК».

30.08.2022 / 12:55

Прадстаўнік Крамля дадаў, што адносіны Масквы і Тэгерана дынамічна развіваюцца і будуць развівацца далей.

Раней The Washington Post са спасылкай на неназваных амерыканскіх чыноўнікаў паведаміла, што расійскія грузавыя самалёты забралі першую партыю беспілотнікаў іранскай вытворчасці.

Паводле даных амерыканскай разведкі, самалёты з дронамі вылецелі з Ірана 19 жніўня. Гаворка ідзе як мінімум пра два тыпы беспілотнікаў, абодва здольныя несці боепрыпасы для нападаў на артылерыю і іншыя вайсковыя цэлі, піша газета.

Пры гэтым WP адзначае, што, па словах супрацоўнікаў службы бяспекі ЗША і дружалюбных ім краін, перадача дронаў «была азмрочаная тэхнічнымі праблемамі». Па іх словах, падчас першых выпрабаванняў, праведзеных Расіяй, у працы іранскіх беспілотнікаў адбыліся збоі.

«У сістэме ёсць некалькі памылак. Расіяне засталіся незадаволеныя», — сказала крыніца выдання.

Nashaniva.com