У Мінску адкрываецца экасцежка для прагулак басанож

Знаходзіцца экасцежка ў лесапарку Сцяпянка ў раёне вуліцы Геалагічнай і завулка Солтыса. На 828 метрах размясціліся зоны як для актыўнага адпачынку, так і для спакойнага баўлення часу, паведамляюць «Мінск-навіны».

02.09.2022 / 09:46

Новая экасцежка выдатна падыдзе для прагулак з дзецьмі. Для самых маленькіх наведвальнікаў тут устаноўленыя дзіцячыя арэлі і горка, а ў найбліжэйшыя дні з'явіцца пясочніца. Плануецца збудаваць і вяровачны гарадок.

У зоне «Воркаўт» размясціліся трэнажоры, пазаймацца на якіх можа любы жадаючы.

— Уздоўж экасцежкі ўстаноўленая 41 лаўка. Для іх вырабу выкарыстоўваліся толькі тыя дрэвы, якія ўпалі самі з-за ўмоў надвор'я. Нашы майстры змаглі прыгожа абыграць развілкі сцяжынак і вялікую прастору каля дзіцячай пляцоўкі, арганізаваўшы там дадатковыя месцы адпачынку, — распавёў намеснік кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна Уладзімір Лебедзь.

На тэрыторыі «Ляснога царства» устаноўлены гамак і арэлі. Для аматараў спакойнага правядзення часу плануецца ўсталяваць і альтанку.

Nashaniva.com