Расійскі бок паведамляе, што расійскіх педагогаў ва Украіне не затрымлівалі, але крымінальную справу па гэтым факце завёў

Учора з’явілася паведамленне пра затрыманне на вызваленых тэрыторыях Украіны расійскіх выкладчыкаў. Сёння расійскі бок адрэагаваў на гэта супрацьлеглымі заявамі.

13.09.2022 / 12:54

Фота: АР

Міністэрства асветы РФ выпусціла заяву, у якой сцвярджаецца, што інфармацыя пра затрыманне расійскіх настаўнікаў на вызваленых Украінай тэрыторыях не адпавядае рэчаіснасці.

«Усе яны знаходзяцца там, дзе сітуацыю кантралююць расійскія вайскоўцы і вайскоўцы Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Выкладчыцкую дзейнасць у харкаўскіх школах з 1 верасня вядуць мясцовыя педагогі», — паведаміла прэс-служба ведамства.

У той жа час Следчы камітэт РФ распачаў крымінальную справу па факце затрымання педагогаў на дэакупаваных тэрыторыях. Па якім артыкуле распачатая справа, невядома.

«Педагогі выкладалі ў рэгіянальных школах па расійскай вучэбнай праграме. Прадстаўнікамі кіеўскага рэжыму гэтая дзейнасць кваліфікаваная як злачынства, арганізаваны іх крымінальны пераслед», — гаворыцца ў паведамленні СК РФ.

У сярэдзіне жніўня СМІ паведамлялі пра рэкруцінг расійскіх настаўнікаў у школы так званых «ЛНР» і «ДНР» і іншыя акупаваныя тэрыторыі. Школьныя настаўнікі адтуль таксама ездзілі на курсы перападрыхтоўкі ў Расію, каб выкладаць па русіфікаваных праграмах.

12 верасня віцэ-прэмʼер Украіны Ірына Верашчук паведаміла пра затрыманне расійскіх педагогаў на дэакупаваных тэрыторыях. Паводле яе, у вызваленых населеных пунктах затрымалі расійскіх настаўнікаў, якія прыехалі вучыць дзяцей па расійскіх праграмах.

Верашчук адзначыла, што затрыманым расіянам будзе прад'яўленае абвінавачанне за «парушэнне законаў і звычаяў вайны». Максімальнае пакаранне — 12 гадоў пазбаўлення волі. Паводле яе, адказнасць панясуць таксама і ўкраінскія настаўнікі, якія пагадзіліся выкладаць па праграме РФ.

Nashaniva.com