Выкладчыка радыётэхнічнага каледжа асудзілі па «справе Зельцара»

Мінскі гарадскі суд 19 верасня агучыў прысуд 30-гадоваму Цімафею Шкуратовічу, абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў масавых беспарадках, распальванні сацыяльнай варожасці і абразе прадстаўніка ўлады, піша «Вясна».

30.09.2022 / 09:36

Цімафей Шкуратовіч

Судовае пасяджэнне вяла суддзя Жанна Брысіна.

Былы выкладчык радыётэхнічнага каледжа Шкуратовіч, па некаторых звестках, быў затрыманы 30 верасня 2021 года. Да суда змяшчаўся ў СІЗА №1 Мінска.

Паводле абвінавачвання, Цімафей Шкуратовіч пакінуў абразлівы каментарый у сацыяльных сетках адносна гібелі ў Мінску 28 верасня 2021 года ў перастрэлцы грамадзяніна Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ. Пазней у ходзе следства да ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса дадаліся яшчэ два абвінавачанні: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Суд пастанавіў пакараць Цімафея Шкуратовіча пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму.

Nashaniva.com