Заяўка Украіны на ўступленне ў НАТА стала нечаканасцю для адміністрацыі Байдэна

Заяўка Украіны аб паскораным уступленні ў НАТА стала нечаканасцю для адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, піша выданне Politico са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў.

01.10.2022 / 08:48

Спікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пелосі не падтрымала запыт Украіны. На пытанне Politico, ці падтрымлівае яна ўступленне Украіны ў НАТА, Пелосі сказала, што падтрымлівае «гарантыі бяспекі» для Кіева, аднак адмовілася адназначна ўхваліць заяўку.

У сваю чаргу Белы дом лічыць, што пытанне ўдзелу Украіны ў НАТА павінна вырашацца ў «іншы час», а цяпер больш актуальным з'яўляецца наданне ёй падтрымкі для барацьбы з расійскай агрэсіяй.

Пра гэта на брыфінгу ў пятніцу заявіў дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван.

«ЗША дзясяткі гадоў выразна заяўлялі, што падтрымліваюць палітыку адчыненых дзвярэй НАТА. Любое рашэнне аб членстве ў НАТА прымаецца 30 членамі Альянсу і краінамі, якія імкнуцца да яго далучыцца. Цяпер, на наш погляд, найлепшы шлях падтрымліваць Украіну — практычная падтрымка Украіны, а працэсам у Бруселі трэба заняцца ў іншы час», — сказаў ён.

Nashaniva.com