Абсурдны фэйк прапаганды: У Берліне высеклі гарадскі парк на 200 гектараў, бо няма чым ацяпляць дамы

Беларускія дзяржаўныя СМІ перадалі абсурдны фэйк. Маўляў, Еўропа так цярпіць ад моцнага энергетычнага крызісу, што нават жыхарам мегаполісаў даводзіцца ацяпляць памяшканні дровамі. Напрыклад, прапаганда сцвярджае, што жыхары Берліна высеклі сусветна вядомы гарадскі парк Тыргартэн, каб ацяпліць памяшканні.

11.10.2022 / 17:59

Любы чалавек, які хоць раз быў у Берліне, ведае, што Тыргартэн — велізарны парк, плошчай больш за 200 гектараў. Калі б яго і праўда высякалі на дровы, гэта не засталося б незаўважаным.

Фота: Wikimedia Commons.

Парк мае важнае культурнае і рэкрэацыйнае значэнне, ніхто б яго проста так не высякаў.

Але адкуль гэтая прапагандысцкая лухта ўзялася на лукашэнкаўскіх рэсурсах?

«Жыхары Берліна з-за недахопу паліва ссеклі амаль усе дрэвы ў цэнтральным парку Тыргартэн у Берліне для ацяплення сваіх дамоў. Пра гэта са спасылкай на Bloomberg інфармуе «Газета.ru», — паведамляе АНТ.

Тут нічога дзіўнага няма. Лукашэнкаўскія медыя часта публікуюць навіны замежжа з расійскіх смеццевых сайтаў. Яны капіююць і штампуюць навіны, нават не правяраючы першакрыніцы.

Але што гаворыцца ў першакрыніцы, на «Блумбергу»?

«У Берліне крызіс нагадвае аб трывожных адгалосках наступстваў Другой сусветнай вайны — спусташэнні і запусценні. Тады з-за недахопу паліва жыхары ссеклі амаль усе дрэвы ў цэнтральным парку Тыргартэн для ацяплення. І хоць цяпер берлінцы не збіраюцца ісці на такія крайнасці, клопат пра захаванне цяпла з'яўляецца распаўсюджаным», — гаворыцца ў першакрыніцы.

Як бачым, гаворка ішла пра тое, што парк высеклі пасля Другой сусветнай, а не зараз.

З галоўным берлінскім паркам усё добра.

Nashaniva.com