Мінфін ЗША вызначыў столь цэн на расійскую нафту

Амерыканскі Мінфін прапануе ўсталяваць лімітную цану расійскай нафты на ўзроўні каля 60 даляраў за барэль. Такую столь агучыла 13 кастрычніка на сустрэчы Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка міністарка фінансаў ЗША Джанет Елен.

13.10.2022 / 18:03

Фота ілюстрацыйнае

Амерыканская чыноўніца нагадала, што мэта ўвядзення столі цэн — даць магчымасць Расіі працягваць здабываць нафту і прадаваць яе вышэй сабекошту, але пазбавіць пры гэтым звышпрыбыткаў ад высокіх цэн, якія складваюцца сёння. У канчатковым выніку такія дзеянні павінны заахвоціць Расію спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне.

Разлікі Мінфіна ЗША грунтуюцца на тым, што Расія ў апошнія пяць—сем гадоў была гатовая здабываць і прадаваць нафту ў сярэднім коштам па 60 даляраў за барэль. Паводле ацэнкі Reuters, сёння расійская нафта маркі Urals прадаецца прыкладна з 20%-ным дысконтам ад эталоннай маркі Brent коштам каля 75 даляраў за барэль.

Расійскія афіцыйныя асобы ўжо неаднаразова заяўлялі, што ў адказ на ўвядзенне столі цэн перастануць пастаўляць нафту ў тыя краіны, якія на гэта пойдуць. Елен на сустрэчы з МВФ і СБ прызнала, што планка для ўвядзення такіх санкцый «вельмі, вельмі высокая», а ўводзіць іх можна толькі шырокай кааліцыяй краін.

Nashaniva.com