Столтэнберг: Краіны НАТА паставяць Украіне абсталяванне для барацьбы з беспілотнікамі

Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг паабяцаў у найбліжэйшы час дапамагчы Украіне сучасным абсталяваннем для барацьбы з беспілотнымі лятаючымі апаратамі. Ён сказаў гэта па выніках міністэрскай сустрэчы краін Альянса ў Бруселі.

13.10.2022 / 19:43

Енс Столтэнберг. Фота: AFP

Столтэнберг адзначыў, што НАТА надае Украіне паліва, зімовую вопратку і медыкаменты ў рамках ўсёахопнага пакета дапамогі ёй.

«Як складнік гэтага пакета НАТА таксама аператыўна дасць Украіне супрацьдронныя сродкі з сотнямі прылад для глушэння беспілотнікаў, якія могуць дапамагчы звесці на нішто эфектыўнасць расійскіх і іранскіх дронаў і абараніць украінскае насельніцтва і інфраструктуру», — дадаў генеральны сакратар НАТА.

Столтэнберг таксама заявіў, што ў доўгатэрміновай перспектыве Альянс дапаможа Украіне перайсці з савецкага на сучаснае натаўскае ўзбраенне.

Nashaniva.com