«Белтэлекам» акцыянуюць яшчэ ў гэтым годзе

Адпаведнае рашэнне прыняў урад.

02.10.2009 / 12:46

Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам» будзе акцыянаванае ў 2009 годзе. Адпаведнае рашэнне ўрада № 1256 ад 29 верасня апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнет‑партале. Гэтым дакументам унесены змены ў план акцыянавання на 2009 год.

«Белтэлекам» быў створаны 3 ліпеня 1995 года. З’яўляецца першасным інтэрнет‑правайдэрам у Беларусі, ажыццяўляе перадачу даных па камутуемай сетцы агульнага карыстання, забяспечвае доступ да міжнародных і беларускіх рэсурсаў інтэрнета, дае ў карыстанне міжнародныя лічбавыя патокі і каналы практычна любой ёмістасці, забяспечвае роўныя ўмовы працы аператараў мабільнай сувязі Беларусі шляхам падключэння іх да міжнароднай станцыі, прадастаўляе міжгародні і міжнародны роўмінг.

Як паведамлялася раней, у 2009 годзе плануецца акцыянаваць больш чым 200 прадпрыемстваў. Сярод іх — Мінскі завод колавых цягачоў, прадпрыемствы «Віцязь», «Агат‑Сістэм», «Інкатэх», інстытут «Белдзяржпраект».