У Беларусі засвоілі поўны цыкл вырабу вакцыны «Спутнік V»

У Беларусі сталі рабіць з нуля вакцыну «Спутнік V». Раней «Белмедпрэпараты» выкарыстоўвалі ў якасці асновы прывезеную з Расеі спецыяльную субстанцыю, а цяпер і яе вырабляюць у Беларусі. Пра гэта пішуць «Мінск-Навіны» са спасылкай на гендырэктара інавацыйнага развіцця прадпрыемства Сяргея Марчанку.

17.10.2022 / 18:19

«Сёння мы робім вакцыну «Спутнік V» з нуля, гэта значыць асвоілі ў вытворчасці поўны тэхналагічны цыкл. Пачыналі з таго, што выкарыстоўвалі субстанцыю для стэрыльнага разліву гэтай вакцыны, а сёння робім і саму субстанцыю», — канстатаваў Марчанка.

На гэты момант беларусаў прышчапляюць расійскімі вакцынамі «Спутнік V» і «Спутнік Лайт», а таксама кітайскай Sinopharm (Vero Cell). Таксама ў сераду, 12 кастрычніка, у Беларусь паступіла кубінская вакцына. Яна зарэгістраваная ў нас з ліпеня, аднак паведамленняў аб прышчэпках гэтым прэпаратам пакуль не было.

Таксама нібыта ідзе працэс стварэння айчыннага прэпарата ад кавіда. Ягоны выпуск запланаваны на канец 2023-пачатак 2024 года. 

Nashaniva.com