ААЦ і КДБ будуць сачыць за карыстальнікамі тых беларускіх сайтаў, якіх вызначаць самі

Лукашэнка падпісаў указ «Аб узаемадзеянні аператараў электрасувязі, пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнет-рэсурсаў з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць». Ён пачне дзейнічаць праз 3 месяцы, звяртае ўвагу Reform.by. 

21.10.2022 / 09:20

Дакумент прадугледжвае стварэнне спецыяльнай інфармацыйнай сістэмы электроннага ўзаемадзеяння са спецслужбамі. У якасці тых, хто можа сачыць за карыстальнікамі, вызначаныя ААЦ і КДБ. Раней сачэнне ў рэжыме анлайн вялося толькі за карыстальнікамі аператараў электрасувязі.

Пад кантроль трапяць не ўсе інтэрнет-рэсурсы, а толькі тыя, каго самі вызначаць спецслужбы. Такія сайты мусяць цягам трох месяцаў зарэгістравацца ў Сістэме тэхнічных сродкаў для забеспячэння аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў (СЗВМ) і наладзіць свае рэсурсы для бесперашкоднага доступу ў рэжыме анлайн. 

У выпадку недалучэння на СЗВМ, сайты могуць блакаваць.

Nashaniva.com