Прафсаюзы далажылі пра зніжэнне цэнаў на агародніну

Па выніках штомесячнага прафсаюзнага маніторынгу ў крамах Беларусі зафіксавана зніжэнне цэнаў на асноўныя віды гародніны (бульба, морква, буракі, часнок, рэпчатая цыбуля, яблыкі). На былым узроўні засталіся цэны крупаў, малочных прадуктаў і лекаў, паведаміла прэс-служба Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. І спадзяецца, што неэканамічныя метады рэгулявання цэнаў будуць і надалей тварыць цуды.

27.10.2022 / 18:16

Дзяржаўныя прафсаюзы правялі маніторынг цэнаў з 20 па 22 кастрычніка. Іх прадстаўнікі, як сцвярджаецца, наведалі 240 крам па ўсёй краіне — як буйныя гандлёвыя сеткі, так і крамы крокавай даступнасці.

За апошні месяц зафіксавана зніжэнне коштаў на бульбу на 5%, рэпчатую цыбулю — на 12,3%, моркву — на 14,7%, буракі — на 9,4%, часнок — на 1,9%, яблыкі — на 15%. У той жа час цэны на аўсяныя шматкі, крупы, малако, масла і кісламалочныя прадукты засталіся такімі, як і раней. Спыніўся рост цэнаў на селядзец, сасіскі і сардэлькі.

Прафсаюзнікі бачаць у гэтым усім праяву таго, што «прэзідэнт меў рацыю, калі казаў, што рэзервы для спынення росту цэнаў або зніжэння кошту па асобных пазіцыях ёсць. Цяпер мы ўжо назіраем першыя вынікі».

У той жа час актуальным для іх застаецца пытанне: «Што рабіць з цэнамі на тавары, у кошт якіх на працягу года закладвалі неапраўданыя валютныя чаканні і іншыя рызыкі. Іх хто-небудзь вяртаць на месца збіраецца?» І наракаюць, што надта падаражэлі тавары, звязаныя з утрыманнем аўтамабіля, заклікаючы разабрацца, «адкуль такі рост».

«Мы лічым, што магчымасці для зніжэння цэнаў ёсць, і пытанне аб цэнавай сітуацыі на спажывецкім рынку будзе разгледжана на пасяджэнні Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаннях у лістападзе 2022 года», — сцвярджае намесніца старшыні ФПБ Алена Манкевіч.

Nashaniva.com