У краінах — суседках Расіі ў разы вырас імпарт тэхнікі

 У Еўропе падазраюць, што так Расія абыходзіць санкцыі.

31.10.2022 / 08:10

Як піша Bloomberg, за першыя восем месяцаў 2022 года Арменія імпартавала з ЕС больш пральных машын, чым за апошнія два гады, разам узятыя, а Казахстан купіў халадзільнікаў на $21,4 мільёна, што ў тры разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Акрамя таго, абедзве краіны павялічылі імпарт электрычных малакаадсосаў: Арменія купіла амаль у тры разы больш такіх прылад, а попыт у Казахстане вырас ажно на 633%. Bloomberg адзначае, што гэта адбываецца на фоне зніжэння нараджальнасці ў гэтых краінах.

Адначасова з ростам імпарту растуць пастаўкі з Арменіі і Казахстана ў Расію. Афіцыйныя асобы не адказалі на запыты даць каментар.

Bloomberg дапускае, што Расія можа закупляць бытавую тэхніку ў краінах — удзельніцах Еўразійскага эканамічнага саюза, каб даць рады дэфіцыту такой тэхнікі на ўнутраным рынку. Па іншай версіі, расійскія кампаніі могуць разбіраць набытую тэхніку і выкарыстоўваць кампаненты і паўправаднікі ў цывільнай вытворчасці.

Еўрапейскія чыноўнікі занепакоеныя тым, што некаторыя тавары і іх кампаненты можна выкарыстоўваць у ваенных мэтах. Адзін з чыноўнікаў адзначыў, што расійскія вайскоўцы часта кралі бытавую тэхніку ва Украіне, але незразумела, як шмат тэхнікі пайшло на дзяржаўныя патрэбы.

Nashaniva.com