Буйны бізнэсмен Алег Цінькоў адмовіўся ад расійскага грамадзянства

Былы ўладальнік расійскага «Тинькофф банка» Алег Цінькоў вырашыў адмовіцца ад расійскага грамадзянства. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў інстаграме.

31.10.2022 / 21:43

«Я афіцыйна адмовіўся ад расійскага грамадзянства», — напісаў Цінькоў і апублікаваў даведку аб выхадзе з грамадзянства, датаваную 26 кастрычніка.

«Я не магу і не буду асацыявацца з фашысцкай краінай, якая развязала вайну са сваім мірным суседам і штодня забівае нявінных людзей. Мне сорамна працягваць мець гэты пашпарт», — напісаў ён.

Цінькоў спадзяецца, што за ягоным прыкладам пойдуць і іншыя расійскія бізнэсоўцы, што дапаможа аслабіць пуцінскі рэжым і ўрэшце прывядзе яго да паразы.

Алег Цінькоў займае 32-е месца ў рэйтынгу 200 найбагацейшых бізнэсменаў Расіі з капіталам у 470 млн даляраў. Ён ужо пяты прадпрымальнік з ліку былых і дзейных удзельнікаў рэйтынгу Forbes, які адмовіўся ад расійскага пашпарта ў апошнія месяцы.

Раней ад расійскага грамадзянства адмовіліся IT-інвестар Юрый Мільнер, заснавальнік інвесткампаніі Freedom Finance Цімур Турлаў, прадпрымальнік Рубен Варданян і Мікалай Старонскі, адзін з заснавальнікаў кампаніі Revolut.

Nashaniva.com