«Новая газета. Еўропа»: Ад пачатку мабілізацыі загінуў як мінімум 101 прызваны

З іх 23 чалавекі загінулі не даехаўшы да фронту, яшчэ падчас падрыхтоўкі. Прычынамі былі бойкі, алкаголь, наркотыкі, самагубствы і няшчасныя выпадкі. Паведамленні пра смерці мабілізаваных пачалі з'яўляцца ўжо ў першы тыдзень пасля прызыву.

02.11.2022 / 09:54

Усяго з 21 верасня, калі ў Расіі аб'явілі «частковую мабілізацыю», выданне налічыла 101 загінулага «мобіка». Падлікі зробленыя паводле паведамленняў рэгіянальных уладаў, а таксама допісаў у СМІ і сацсетках.

Найбольшая колькасць загінулых па рэгіёнах: 22 са Свярдлоўскай вобласці, 13 з Чалябінскай, 9 з Валгаградскай, 8 з Краснаярскага краю і 7 з Растоўскай вобласці.

Выданне дапускае, што рэальная колькасць загінулых мабілізаваных — нашмат вышэйшая. Без афіцыйных паведамленняў сваякі забітых не могуць атрымаць пасмяротныя выплаты.

Nashaniva.com