Актывістцы Свабоднага прафсаюза металістаў далі 1,5 года калоніі

У судзе Маскоўскага раёна Мінска вынеслі прысуд палітзняволенай актывістцы Свабоднага прафсаюза металістаў Яніне Малаш. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і прысудзілі адзін год і шэсць месяцаў калоніі. Пад вартай актывістка знаходзіцца ўжо сем месяцаў, піша «Вясна».

15.11.2022 / 18:03

Раней Яніна працавала на Мінскім электратэхнічным заводзе імя Казлова зборшчыцай дэталяў для электратрансфарматараў, адкуль яе звольнілі па палітычных прычынах у лістападзе 2020 года. Да затрымання яна была сяброўкай незалежнага прафсаюза.

Крымінальную справу супраць Малаш пачалі разглядаць 14 лістапада, а ўжо на наступны дзень суддзя Сяргей Кацар вынес ёй прысуд. На волі Яніну чакае дачка.

Nashaniva.com