У Беларусі сталі выпускаць залатыя зліткі

Гомельскае ПА «Крышталь» — кіруючая кампанія холдынга «Крышталь-холдынг» — па замове Мінфіна наладзіла выпуск мерных зліткаў з золата наміналам 5 і 10 г. І пры гэтым суправаджае новую прадукцыю сертыфікатамі, паведамляе Office Life.

23.11.2022 / 13:21

Таксама прадпрыемства плануе асвоіць у найбліжэйшы час выпуск мерных зліткаў з золата наміналам 1-, 20-, 50— і 100-грамовых залатых мерных зліткаў.

Беларускія ювеліры асвоілі выпуск новай прадукцыі, выконваючы пастанову Нацбанка і Мінфіна «Аб парадку здзяйснення аперацый і разлікаў з мернымі зліткамі і каштоўнымі камянямі (дыяментамі)».

Тэхналогію вырабу мерных зліткаў гомельскаму ВА «Крышталь» перадаў адзін з манетных двароў сістэмы Дзяржзнака Расіі.

У чэрвені Мінфін заяўляў, што вывучыў расійскі вопыт выкарыстання манетарнага золата ў аперацыях і вырашыў прапанаваць бізнэсу і насельніцтву куплю мерных зліткаў, вырабленых у Беларусі.

Цяпер Мінфін падключыўся да продажу бізнэсу мерных зліткаў золата з Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў і каштоўных камянёў. Рэгулятар прадае зліткі банкам і нябанкаўскім крэдытна-фінансавым арганізацыям па іх заяўках. Цэны Мінфін вызначае самастойна.

Насельніцтву прадаюць залатыя зліткі беларускай вытворчасці кампаніі «Белювеліргандаль» і «Гомельскае ВА «Крышталь».

Nashaniva.com