Расія разгарнула ў Беларусі ваенна-палявы шпіталь

У шпіталі працуюць 124 чалавекі: тэрапеўты, УГД-спецыялісты, афтальмолагі, артапеды, неўрапатолагі і рэнтгенолагі. У ім ёсць прыёмнае аддзяленне, тэрапеўтычнае, хірургічнае, рэанімацыя, аптэка, паведамляе тэлеканал «Звязда».

24.11.2022 / 09:00

У Беларусі разгорнута праца расійскага медыцынскага атрада спецыяльнага прызначэння. На вучэннях на беларускім палігоне пабывала карэспандэнт тэлеканала.

«Прыёмнае аддзяленне, тэрапеўтычнае, хірургічнае, рэанімацыя, аптэка — гэта цэлы гарадок, які, дзякуючы працы генератараў, абсалютна аўтаномны. Яго прапускная здольнасць — да 300 чалавек у суткі», — патлумачыла карэспандэнт тэлеканала.

Медыцынскі комплекс — як сучасны медыцынскі цэнтр, толькі ў палявых умовах. У гэтай аперацыйнай можна праводзіць любыя, нават самыя высокатэхналагічныя аперацыі. Калі гэта неабходна, дапамогу можна аказваць адначасова двум пацыентам.

«Ваенна-палявы шпіталь толькі разгорнуты ў Беларусі, але ўжо працуе як добра адладжаны механізм. Дактары ў пагонах у адзін голас заяўляюць: пры неабходнасці паставяць на ногі любога пацыента. Таму расійскія вайскоўцы могуць быць спакойныя — яны ў надзейных руках медыцынскага спецназа», — рэзюмуюць у рэпартажы.

Nashaniva.com