Літва да канца года плануе ўсталяваць на мяжы з Беларуссю спецыяльныя відэасістэмы
Да канца года Літва мае намер абсталяваць 94% мяжы з Беларуссю адмысловымі відэасістэмамі, а астатнія 6% памежнікі будуць кантраляваць з дапамогай персанальных мабільных прылад, паведаміла міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце выданню «Kauno diena».
11.12.2022 / 08:39
Фота: VRM
Адзначаецца, што ўсталяваць відэакантроль увогуле на ўсім перыметры мяжы не ўдалося з-за праблем з пастаўкамі камплектуючых.
«Ланцужкі паставак у сувязі з сітуацыяй на глабальных рынках парушыліся, таму часткова давядзецца карыстацца не стацыянарнымі, а мабільнымі сродкамі», — сказала Білатайце.
У канцы жніўня Літва скончыла будаўніцтва 502-кіламетровага плота на мяжы з Беларуссю. Кошт работ складае 152 млн еўра. Працягласць літоўска-беларускай мяжы — каля 680 км.