Навальнага дзявяты раз за паўгода адправілі ў штрафны ізалятар. На гэты раз з-за слова ***** у размове з сукамернікам

Палітыка Аляксея Навальнага, які знаходзіцца ў ВК-6 ва Уладзімірскай вобласці, дзявяты раз за шэсць месяцаў адправілі ў штрафны ізалятар. У твітары Навальнага паведамляецца, што ў ШІЗА ён правядзе 12 сутак.

14.12.2022 / 15:12

Гэтым разам Навальнага адправілі ў ШІЗА за тое, што ён у размове з сукамернікам ужыў слова б****ь.

Палітык назваў цяперашняе рашэнне Камісіі «самым цынічным», бо міліцыянты «не тое што ўжываюць мат, а проста размаўляюць на ім». 

«Вяртаюся ў камеру, — піша Навальны, — там мой ранейшы сукамернік глядзіць на мяне дзікімі вачыма: «Навошта ты зноў сюды? Толькі ж выйшаў». Ды вось, кажу, далі 12 сутак за тое, што ў размове з табой сказаў слова «б****ь».

Чувак глядзіць на мяне некалькі секунд, не разумеючы, жартую я ці не, і, убачыўшы, што я не жартую, кажа абурана: «б****ь, ды не можа такога быць».

Як адзначае палітык, пасля папярэдняга зняволення ў ізалятары прайшлі суткі. За паўгода ў калоніі роўна палову тэрміну ён правёў у ШІЗА, гаворыцца ў пасце.

Nashaniva.com