Лукашэнка падоўжыў на год бязвізавы рэжым для суседзяў з Еўрасаюза

Аляксандр Лукашэнка 21 снежня «падтрымаў прапанову» аб падаўжэнні на 2023 год бязвізавага рэжыму для грамадзян Польшчы, Латвіі і Літвы, паведаміла ягоная прэс-служба.

21.12.2022 / 18:23

 

«Бязвіз» увялі з 15 красавіка для літоўцаў і латвійцаў (уключаючы жыхароў Латвіі са статусам неграмадзяніна) і з 1 ліпеня — для палякаў. Паводле звестак Дзяржпагранкамітэта, за гэты час бязвізавым уездам скарысталася амаль 370 тысяч жыхароў суседніх з Беларуссю краін Еўрасаюза.

Больш за 70% тых, хто заехаў у Беларусь па «бязвізе», складаюць літоўцы, латвійцаў — каля 20%, палякаў — 10%.

Бязвізавы рэжым вырашана падоўжыць «у пацвярджэнне адкрытасці нашай краіны, нацэленасці на добрасуседства і ўмацаванне міжнацыянальных сувязяў», — гаворыцца ў паведамленні лукашэнкаўскай прэс-службы.

Nashaniva.com