Суд над актывістамі незалежных прафсаюзаў перанеслі на нявызначаны тэрмін

Чакалася, што 27 снежня будзе агучаны прысуд чарговым тром лідарам беларускіх незалежных прафсаюзаў. Аднак суддзя Алена Папкова нечакана паведаміла, што суд над палітвязнямі Вацлавам Арэшкам, Генадзем Фядынічам і Васілём Бераснёвым перанеслі на нявызначаны тэрмін. Зрабілі гэта нібыта па наноў адкрытых абставінах, а якіх канкрэтна — не паведамляецца.

27.12.2022 / 23:44

Арэшка, Фядыніч і Бераснёў за кратамі з вясны, яны прызнаныя палітвязнямі. 

Актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў абвінавачваюць ў закліках да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК), у распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт 130 КК), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 КК).

Крымінальную справу з лістапада разглядае Мінскі гарадскі суд. Працэс зрабілі закрытым.

За дзень да таго, 26 снежня, у Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд па крымінальнай справе актывістаў Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў — старшыні Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча і бухгалтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Ярашуку прысудзілі 4 гады, Антусевічу — 2, Бут-Гусаім — 1,5.

Nashaniva.com