Лукашэнка падпісаў закон, які дазволіць пазбаўляць палітычных апанентаў грамадзянства

Аляксандр Лукашэнка 5 студзеня падпісаў закон аб змене закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», паведаміла ягоная прэс-служба. Пасля гэтага ён уступае ў сілу і можа напоўніцу выкарыстоўвацца як чарговы інструмент для правядзення ў краіне палітычных рэпрэсій.

05.01.2023 / 19:11

Галоўная змена, дзеля якой папраўкі і задумваліся, заключаецца ў тым, што новым законам прадугледжаная магчымасць страты асобай беларускага грамадзянства, набытага па нараджэнні. Гэта можа рабіцца пасля вынясення лукашэнкаўскім судом прысуду, «які пацвярджае ўдзел гэтай асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або нанясенне ім цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі, калі такая асоба знаходзіцца за яе межамі». У перакладзе на звычайную мову — гэта палажэнне закона будзе прымяняцца ў дачыненні да палітычных апанентаў рэжыму.

Таксама папраўкамі ўводзіцца абавязак прынясення прысягі асобамі, якія набываюць грамадзянства Рэспублікі Беларусь, і абавязак грамадзяніна Рэспублікі Беларусь паведамляць сілавікам пра наяўнасць у яго грамадзянства замежнай дзяржавы ці дазволу на жыхарства ў ёй.

Nashaniva.com