У Расіі адкрылі першую мемарыяльную дошку зняволенаму, які ваяваў у ПВК «Вагнер». Яна з'явілася ў школе

У саратаўскай школе № 11 урачыста адкрылі мемарыяльную дошку загінуламу ва Украіне прапаршчыку Дзянісу Кавырзіну. Як высветліла Руская служба Бі-бі-сі, ён быў зняволеным, завербаваным на вайну ПВК «Вагнер».

14.01.2023 / 12:33

Паводле звестак выдання, у 2016 годзе Кавырзіна асудзілі да сямі з паловай гадоў калоніі строгага рэжыму за забойства падчас канфлікту з «асобамі таджыкскай нацыянальнасці». Пасля гэтага суд некалькі разоў адмаўляў яму ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні.

У ліпені 2022 года ў ніжагародскую ПК-11, дзе ён адбываў пакаранне, прыехалі вярбоўшчыкі ПВК «Вагнер» і вывезлі адтуль зняволеных. Відаць, менавіта так Кавырзін апынуўся на фронце і ў пачатку жніўня загінуў.

У снежні на фасадзе школы № 11 Саратава, выпускніком якой быў Кавырзін, з'явілася мемарыяльная шыльда з яго імем. На ёй напісана, што прапаршчык узнагароджаны медалём «За адвагу» і загінуў падчас «спецаперацыі». Пастанову аб усталяванні шыльды падпісала мэр Саратава Лада Макравусава.

Ці быў Кавырзін памілаваны прэзідэнтам перад адпраўкай на фронт, як абяцаў у калоніях заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын, невядома.

Па даных Рускай службы Бі-бі-сі, гэтая шыльда стала першай мемарыяльнай дошкай зняволенаму, які ваяваў у ПВК «Вагнер», афіцыйна ўсталяванай уладамі Расіі.

Nashaniva.com