Супрацоўніка «Белтэлекама» асудзілі на шэсць з паловай гадоў калоніі за здабыццё персанальных даных сілавікоў

У Віцебскім абласным судзе 5 снежня ў закрытым рэжыме асудзілі палітзняволенага Дзмітрыя Каханоўскага паводле ч. 3 арт. 352 (неправамоцнае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй), ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Яўгеній Буруноў асудзіў Дзмітрыя на шэсць гадоў і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша «Вясна».

16.01.2023 / 12:38

Дзмітрый Каханоўскі — інжынер-сістэматэхнік Магілёўскага аддзялення «Белтэлекама» — быў затрыманы на працоўным месцы 28 кастрычніка 2021 года. Мае дзіця.

Згодна з абвінавачваннем, мужчына нібыта «здабываў з базы асабістыя даныя сілавікоў, дзяржслужачых, суддзяў». Следства сцвярджае, што ўсяго было 46 такіх эпізодаў. Дзмітрый быў змешчаны ў СІЗА-1, на пачатку лістапада 2022-га пераведзены ў віцебскі СІЗА-2.

Са студзеня 2023-га КДБ уключыў палітвязня ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

Падтрымайце палітвязня: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8 (Дзмітрый Леанідавіч Каханоўскі)

Nashaniva.com