Па справе «рэйкавых партызан» з Мазыра суд абвясціў перапынак да 8 лютага

Гомельскі абласны суд больш месяца разглядае ў закрытым рэжыме крымінальную справу ў дачыненні да «рэйкавых партызан» з Мазыра — 34-гадовага Сяргея Плешкуна і 45-гадовага Юрыя Сельвіча. Суд пачаўся яшчэ 6 снежня, паведамляе «Вясна».

18.01.2023 / 12:02

Судовы працэс вядзе суддзя Алег Харошка.

Палітвязні Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч пазнаёміліся адзін з адным у 2020 годзе падчас паслявыбарчых пратэстаў. Пра іх затрыманне стала вядома 10 сакавіка 2022 года. Як лічыць следства, падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе яны выходзілі на дарогу з бчб-сцягам і блакавалі транспарт на цэнтральных вуліцах Мінска.

Канчатковае абвінавачанне мазыранам выстаўленае па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса:

Згодна з матэрыяламі справы, у перыяд са жніўня 2020 года па люты 2022 года Пляшкун і Сельвіч набылі кампаненты для вырабу «кактэйляў Молатава» і піратэхнічны выраб, якія захоўвалі ў розных месцах і перавозілі ў розных транспартных сродках з мэтай іх наступнага выкарыстання пры здзяйсненні акта тэрарызму, нападзе на будынкі, установы, транспартныя сродкі, а таксама на супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Акрамя гэтага, Пляшкун нібыта сам вырабіў «кактэйлі Молатава» і сумесна з Сельвічам падрыхтаваўся да наўмыснага прывядзення ў непрыдатнасць транспартных сродкаў і шляхоў зносін, што магло пацягнуць смерць чалавека, крушэнне або аварыю.

У працяг сваіх дзеянняў Пляшкун, як сцвярджае следства, выкарыстоўваючы Тelegram-канал, прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем, размясціў відэафайл з каментарамі пра дату і час перамяшчэння вайсковай тэхнікі, ваенізаваных падраздзяленняў і вайскоўцаў з мэтай ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці. Пасля чаго пад'ехаў да аднаго з прадпрыемстваў Мазырскага раёна і дарожнага знака, дзе нанёс фарбай на плот і на знак цынічныя малюнкі і надпісы, у якіх даў негатыўную ацэнку жыхарам замежнай дзяржавы, паведамляла Генеральная пракуратура.

На чарговым судовым пасяджэнні 17 студзеня суддзя абвясціў перапынак да 8 лютага. Прычына такога рашэння невядомая, так як суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Nashaniva.com