«Хопіць вагацца». Зяленскі заклікаў удзельнікаў Давоса даць Украіне танкі да таго, як Расія пачне наступаць

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, выступіўшы ў сераду перад удзельнікамі Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе, заклікаў саюзнікаў Украіны перастаць вагацца і хутка паставіць Кіеву ўсю неабходную зброю, у тым ліку танкі і сістэмы СПА.

19.01.2023 / 08:24

«Час, якіе свабодны свет траціць на роздумы, тэрарыстычная дзяржава траціць на тое, каб забіваць», — сказаў Зяленскі падчас звароту да ўдзельнікаў Давоса па відэасувязі.

«Свет больш не павінен вагацца — ні сёння, ні калі-небудзь у будучыні, — працягнуў Зяленскі. — Мабілізацыя свету павінна апярэджваць чарговую ваенную мабілізацыю нашага агульнага ворага. Забеспячэнне Украіны сістэмамі супрацьпаветранай абароны павінна апярэджваць чарговыя ракетныя налёты Расіі. Пастаўкі заходніх танкаў павінны апярэдзіць чарговае ўварванне расійскіх танкаў».

Словы пра танкі многія расцанілі як празрысты намёк на ваганні Германіі, якая пакуль не дае дазвол на перадачу Украіне нямецкіх танкаў «Леапард» трэцімі краінамі. Гатоўнасць аддаць Украіне частку сваіх «леапардаў» выказалі Польшча і Фінляндыя.

Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц, выступаючы на тым жа Давоскім форуме, сышоў ад адказу на прамое пытанне з аўдыторыі, ці гатовая Нямеччына даць Украіне танкі і дазволіць перадачу «леапардаў» іншым краінам.

Nashaniva.com