У Расіі прызналі «непажаданай арганізацыяй» выданне «Медуза»

Раней расійскі інфармацыйны партал, чыя рэдакцыя знаходзіцца ў Латвіі, прызналі замежным агентам.

26.01.2023 / 15:43

«Медуза» — адно з самых аўтарытэтных і паважаных расійскіх СМІ.

Што азначае прызнанне непажаданай арганізацыяй?

Па законе пасля прызнання яе непажаданай арганізацыя абавязаная спыніць працу — яе сродкі і маёмасць на тэрыторыі Расіі блакуюцца. Структурам, якія трапілі ў спіс, забаронена адкрываць філіялы ў Расіі.

Статус непажаданай у Расіі арганізацыі пагражае крымінальным пераследам людзям, якія супрацоўнічаюць з ёй. Расіянам цалкам забаронена ўдзельнічаць у працы непажаданых арганізацый, у тым ліку за мяжой, пад страхам крымінальнага пераследу — за парушэнне можна атрымаць да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Акрамя таго, крымінальная справа можа пагражаць тым, хто ахвяруе грошы «Медузе», за фінансаванне непажаданых арганізацый прадугледжана пакаранне аж да пяці гадоў калоніі.

У Расіі забаронена распаўсюджваць або ставіць спасылкі на матэрыялы непажаданых арганізацый — гэта значыць, што цытаванне матэрыялаў «Медузы» іншымі выданнямі будзе незаконным і можа прывесці да наступстваў (аж да блакавання гэтых СМІ).

Nashaniva.com