У Лідзе хочуць правесці археалагічныя раскопкі, каб горад стаў старэйшым

З ініцыятывай правесці ў год святкавання 700-годдзя Ліды археалагічныя раскопкі выступіў старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік. Пры дапамозе гэтага чыноўнікі спадзяваюцца, што дату заснавання горада ўдасца аднесці яшчэ далей (600-годдзе святкавалі ўсяго 43 гады таму) і неўзабаве святкаваць наноў. 

14.02.2023 / 23:20

 

Фота: vedaj.by

«У сувязі з тым, што для змены даты заснавання горада артэфакты павінны быць у нас на руках, старшыня Сяргей Ложачнік выступіў з ініцыятывай правесці ў юбілейны год археалагічныя раскопкі. Гэта тым больш важна, паколькі на тэрыторыі Ліды археалагічныя раскопкі ніколі не праводзіліся, яны вяліся выключна ў межах Лідскага замка на плошчы, меншай за гектар. Цяперз мы плануем закласці часовыя шурфы, каб знайсці найбольш глыбокі культурны пласт. Месцы ўжо вызначаныя — у раёне гарадскога парку», — паведаміла дырэктарка Лідскага гісторыка-мастацкага музея Вольга Лук'ян.

Праўда, незразумела, што менавіта раённыя вертыкальшчыкі разлічваюць знайсці падчас раскопак, каб гэта дазволіла ім неўзабаве святкаваць векапомны юбілей яшчэ раз. Наяўнасць у горадзе археалагічных пластоў, старэйшых за афіцыйную дату яго заснавання, ніякім аргументам за яе перанос не з'яўляецца.

У свеце ёсць безліч гарадоў, дакладная дата заснавання якіх невядомая, але ўмоўна такой у такіх выпадках лічыцца дата першай згадкі ў гістарычнай крыніцы. Тое ж, што, насамрэч, горад старэйшы, чым фармальна лічыцца, заўсёды трымаецца ў галаве і маецца на ўвазе. Старэйшыя ж, часам і значна, археалагічныя пласты нават на месцы гарадоў, дата заснавання якіх дакладна вядомая — таксама з'ява нярэдкая, бо гарады маглі засноўвацца не абавязкова на голым месцы, а на месцы нейкага дробнага паселішча, якое існавала на гэтым месцы раней. 

Але ўвогуле выпадкі, калі не навукоўцы, а раённыя ўлады ініцыююць «пастарэнне» сваіх населеных пунктаў, у Беларусі не рэдкасць. Некаторыя нават праводзяць своеасаблівыя спаборніцтвы.

Чытайце таксама: 

Слуцк прыняў выклік Капыля і таксама хоча дадаць сабе гадоў. Але ёсць нюансы

Nashaniva.com