Памерла мастачка Марына Несцярук

Вядомай магілёўскай мастачкі Марыны Несцярук не стала 15 лютага пасля працяглай хваробы сэрца, паведамляе Магілёў.Media. 

16.02.2023 / 17:58

Марына Уладзіміраўна Несцярук працавала мастаком Музея гісторыі Магілёва, была сябрам Саюза мастакоў Беларусі, аўтарам шматлікіх мастацкіх выстаў. Апошняя яе выстава «Клумбавосень» адкрылася ў Выставачнай зале Магілёва ў лістападзе мінулага года.

Марына Несцярук — аўтарка габеленаў, якімі ўпрыгожаная ратуша Магілёва, жыццярадасных і натхняльных мастацкіх палотнаў, што шмат разоў былі прадстаўленыя на найлепшых выставах у Магілёве і ў Беларусі.

Габелен Марыны Несцярук «Анёл з сэрцам Хрыста і гербам Магілёва», створаны паводле малюнка невядомага мастака XVII стагоддзя, у Магілёўскай ратушы

Яна таксама вылучалася выбітным пачуццём выставачнай экспазіцыі: калегі і прафесіяналы вылучалі яе як адну з найлепшых у краіне па мастацтве стварэння выстаў.

Раней Несцярук узначальвала магілёўскае аддзяленне Саюза мастакоў Беларусі. 

Муж мастачкі — таксама вядомы магілёўскі мастак Юрый Несцярук, мастацтвам займаецца і сын Леанід — адзін з музыкаў знакамітага гурта Nizkiz.

Nashaniva.com