Вось кім аказаўся той вайсковец з відэа, які абяцаў «грызці» ворага

Падчас прэс-тура ў 38‑ю Брэсцкую асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую брыгаду журналіст NBC News запісаў кароткі дыялог з адным з вайскоўцаў. На пытанне, ці гатовы ён змагацца, калі давядзецца, той адказаў: «Канечне! Так! Так! Грызці будзем!»

21.02.2023 / 17:30

Кадр з відэа NBC News

Візіт адбыўся яшчэ 13 лютага, але замежны сюжэт быў апублікаваны сёння.

Як высветлілася, мужчына, які даваў каментарый, — не шараговы баец і не камандзір, а палітрук.

Гэта Сухавіла Сяргей Міхайлавіч, піша «Беларускі Гаюн». Яго пасада ў в/ч 92616 Брэста гучыць як намеснік камандзіра брыгады па ідэалагічнай працы — начальнік аддзела ідэалагічнай працы.

Сухавілу 45 год. Ён выпускнік Мінскага сувораўскага вучылішча. Быў дэлегатам Усебеларускага народнага сходу.

У 2006 годзе ён атрымаў ордэн ад Лукашэнкі «За асабістую мужнасць». Калі ён праводзіў заняткі ў 38-й брыгадзе, адзін з навабранцаў няўдала кінуў гранату і тая ўпала пабач з ім у акопе. Сухавіла выкінуў салдата з акопа, выскачыў сам і прыкрыў яго.

Nashaniva.com