Генеральны сакратар ААН рэзка раскрытыкаваў вайну Расіі супраць Украіны

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш рэзка раскрытыкаваў парушэньні Расіяй правоў чалавека ў Украіне. Развязаная Масквой агрэсіўная вайна прывяла да самых масавых парушэнняў правоў чалавека ў гэты час, заявіў Гутэрыш на адкрыцці пасяджэння Рады ААН па правах чалавека ў панядзелак, паведамляе «Нямецкая хваля».

27.02.2023 / 16:29

Антоніу Гутэрыш. Фота AP

Са слоў генеральнага сакратара ААН, вайна супраць Украіны, якая пачалася год таму, прывяла да гібелі людзей, разбурэнняў і перамяшчэння асоб у вялікім маштабе. Удары па мірных жыхарах і грамадзянскай інфраструктуры пацягнулі за сабой шматлікія ахвяры і жудасныя пакуты, упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека задакументавала дзясяткі выпадкаў сэксуальнага гвалту, адзначыў кіраўнік Сусветнай арганізацыі.

Антоніу Гутэрыш таксама паведаміў пра грубыя парушэнні норм гуманітарнага права, у прыватнасці, пра жорсткае абыходжанне з ваеннапалоннымі і выкраданні цывільных асоб.

На пасяджэнні Рады ААН па правах чалавека 47 краін-членаў маюць намер дамовіцца аб падаўжэнні мандата камісіі ААН, фіксуе ваенныя злачынствы ў часе вайны ва Украіне.

Nashaniva.com