Аўтар знішчанай фрэскі ў Солах — беларускі класік Пётра Сергіевіч. Краязнавец Кастусь Шыталь знайшоў доказ гэтага

Касцёл Маці Божай Ружанцовай у мястэчку Солы размалёўваў беларус Пётра Сергіевіч, піша Кастусь Шыталь.

01.03.2023 / 09:36

Ён прыгадвае, што пра гэта пісалі і раней, але не было дакументальных доказаў.

«Аж вось, знайшоўся. У «Przeglądzie Wileńskim» Nr. 15, 29.09.1934, выйшла нататка, падпісаная псеўданімам «Przejezdny», у якой гаворыцца, што гэта быў Сергіевіч.

Przejezdny звяртае ўвагу на тое, што эндэцкая газета «Dziennik Wileński», змясціўшы вялікі артыкул з урачыстасці, пералічыла імёны нават гаспадыняў, якія рыхтавалі прыём гасцей на ўрачыстасці — але абыйшла маўчаннем імя мастака. Таксама быццам бы яго не ўзгадалі ані словам падчас прамоваў у часе святкавання на плябаніі.

Аўтар выказвае меркаванне, што не згадвалі пра мастака таму, што ён беларус», — піша Шыталь.

Ён прыгадвае, што пра тое, што Пётра Сергіевіч працаваў у Солах, згадвае і Язэп Драздовіч у сваім дзённіку 02.07.1933: «Хацеў застаць аднаго з маіх калег мастакоў — Пеценьку — ды, на жаль, не застаў. Недзе выехаў. У Солы на касцельную працу — святых маляваць».

«Вярнуўся з Солаў на два дні ў Вільню калега Пеця. Абодва мы рады, што спаткаліся: звадзіў мяне на вячэрні абед, у мастацкую спулдзельню, што на Юраўскім. Там цэлая выстаўка абразоў і скульптур — ёсць там і маё, ды і я сам на двух Пеціных партрэтах. (Зайшліся ад радасці спаткання ў мастацкую спулдзельню, агледзелі выстаўку і зʼелі там абед)», — такі запіс у дзённіку 11.07.1933.

Учора стала вядома, што касцёле Маці Божай Ружанцовай у мястэчку Солы замалявалі роспіс, на якім была прадстаўленая Варшаўская бітва 1920 года. 

Чытайце таксама:

Пра што маўчаў Пётра Сергіевіч 

Nashaniva.com