Крыніцы: Пры разглядзе заявак на крэдыты ў банках пачалі ўлічваць «палітычную добранадзейнасць»

Як стала вядома «Нашай Ніве», у некаторых банках прыкамандзіраваныя супрацоўнікі спецслужбаў займаюцца ўжо не толькі кантролем супрацоўнікаў, але і ацэньваюць асобы заснавальнікаў бізнэсаў на прадмет лаяльнасці, калі ад кампаніі паступае заяўка на крэдыты. 

02.03.2023 / 19:47

«Грошай для крэдытавання цяпер хапае, былі б толькі талковыя праекты. Але цяпер заяўкі на крэдыты для развіцця бізнэсу ў асобных банках правяраюцца не толькі з пазіцыі бізнэс-ідэі і рэнтабельнасці, але і з пазіцыі «добранадзейнасці» заснавальнікаў бізнэсу. Усе заснавальнікі правяраюцца: база «Беспарадкі», мабільныя білінгі, факты данатаў. Калі нехта з сузаснавальнікаў удзельнічаў, падтрымліваў пратэст, то такой кампаніі ў крэдыце будзе адмоўлена», — расказала «Нашай Ніве» крыніца ў адным з беларускіх банкаў. 

«Яны не хочуць, каб раслі бізнэсы, дзе ўласнікі крытычна ставяцца да лукашызму. І хочуць абмяжоўваць патэнцыял іх рэсурсу», — дадаў суразмоўца. 

Многія прыватныя бізнэсы дапамагалі пратэстам супраць лукашызму ў 2020-м. Некаторыя з іх былі разгромленыя, працэс задушэння нелаяльных працягваецца. 

Па словах нашых суразмоўцаў, новую практыку распаўсюдзілі яшчэ не на ўсе банкі.

Nashaniva.com