Стала вядома, колькі снарадаў выпускае Украіна штомесяц і колькі трэба для перамогі. Лічбы ўражваюць

Украіна звярнулася да ЕС з просьбай дасылаць Кіеву 250000 артылерыйскіх снарадаў у месяц, каб паменшыць востры дэфіцыт, які абмяжоўвае яе прасоўванне на поле бою.

04.03.2023 / 12:42

 

 Фота: Мінабароны Украіны

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў звярнуўся ў лісце да краін-членаў ЕС з просьбай пастаўляць Украіне па 250 тысяч артылерыйскіх снарадаў у месяц. Пра гэта піша «УП» са спасылкаю на Financial Times, у распараджэнні якой апынуўся ліст Рэзнікава.

У лісце да сваіх калег краін-членаў ЕС Рэзнікаў даводзіць, што артылерыя іграе «вырашальную ролю ў знішчэнні ваеннай моцы суперніка».

Паводле яго, у сярэднім Украіна выпускала 110 000 снарадаў калібра 155 мм у месяц — гэта чвэрць ад той колькасці, якую выкарыстоўвала Расія.

 «Калі б мы не былі абмежаваныя колькасцю наяўных артылерыйскіх снарадаў, мы маглі б выкарыстоўваць увесь боекамплект, а гэта 594000 снарадаў у месяц», — паведаміў Рэзнікаў, маючы на ​​ўвазе магутнасць артылерыйскіх сістэм, даступных Украіне.

«Паводле нашых ацэнак, для паспяховага выканання задач на полі бою мінімальная патрэбнасць складае не менш як 60 працэнтаў ад поўнага боекамплекта, або 356 400 снарадаў у месяц», — дадаў міністр.

Nashaniva.com