Аптычны прыцэл Віктара Бабарыкі прадалі з аўкцыёна

У 2022 годзе на аўкцыён тры разы выстаўлялі лот па продажы маёмасці вядомага палітвязня Віктара Бабарыкі. Гаворка ішла пра аптычны прыцэл Victory V8 з драпінамі на корпусе, даведалася «Віцебская вясна».

11.03.2023 / 18:24

Аптычны прыцэл Бабарыкі на таргі выстаўлялі ў мінулым годзе тройчы.

Першы раз прыцэл прадавалі летась у ліпені. Пачатковы кошт лота складаў 1 400 рублёў. У таргах узялі ўдзел восем чалавек, перамог удзельнік, які прапанаваў суму 5 306 рублёў. Аднак аўкцыён прызналі несапраўдным, бо пераможца не аплаціў пакупку.

Другі раз аўкцыён прайшоў у верасні 2022 года, пачатковую цану на прыцэл знізілі да 1 120 рублёў. У аўкцыёне ўзялі ўдзел сем чалавек, перамагла стаўка 4 599,40 рубля. Але як і першы раз, лот не аплацілі, аўкцыён не адбыўся.

Трэці раз прыцэл прадавалі летась у лістападзе. У таргах узялі ўдзел 11 чалавек. Лот уцанілі да 840 рублёў, яго прадалі за 3 918,6 рубля, на гэты раз прыцэл аплацілі.

59-гадовы Віктар Бабарыка, які меў быць асноўным канкурэнтам Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, быў арыштаваны падчас выбарчай кампаніі летам 2020-га і пасля быў асуджаны на 14 гадоў за легалізацыю («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам і атрыманне хабару. Ён адбывае пакаранне ў Наваполацкай папраўчай калоніі №1 ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У 2021 годзе з малатка сышоў арыштаваны аўтамабіль Ford Fiesta Віктара Бабарыкі.

Чытайце таксама:

Канфіскаваны форд Віктара Бабарыкі прадалі з аўкцыёну — заявіліся шэсць удзельнікаў

Віктар Бабарыка: У Расіі дакладна няма будучыні, пра якую яна марыла

Віктар Бабарыка: Агрэсія з боку Расіі — вынік дзеянняў аднаго чалавека, выхаванага і прасякнутага духам чэкістаў

Nashaniva.com