Жудаснае здарэнне ў Брэсце: на дзяўчыну наехаў аўтобус, яна ў бальніцы
Здарэнне адбылося ў нядзелю 12 сакавіка каля 13 гадзін дня ў Брэсце. Аўтобус нумар 18 паварочваў з вуліцы 28 Ліпеня на Луцкую направа, калі наехаў на 15-гадовую дзяўчыну, якая пераходзіла дарогу. Гэта вельмі небяспечны паварот, дзе раней аўтобус ужо наязджаў на дзіця, паведамляе «Віртуальны Брэст».
12.03.2023 / 16:43
Як паведамляе міліцыя Брэста, за стырном аўтобуса знаходзілася 51-гадовая кіроўца. Пацярпелую дзяўчыну дасталі з-пад МАЗа і перадалі медыкам.
Як распавёў відавочца, ішоў снег і дзьмуў моцны вецер, таму дзяўчына была ў капюшоне і магла не бачыць аўтобус.
«Дзяўчына была ў капюшоне, ішла, апусціўшы галаву ўніз. Спачатку ўдарылася галавой аб аўтобус, потым упала. Усе пачалі сігналіць, і аўтобус спыніўся. Кіроўца выбегла з аўтобуса, не разумеючы, што адбываецца. Дзяўчына цудам ухілілася ад задніх колаў аўтобуса», — сказаў відавочца.
Момант наезду трапіў на відэа рэгістратара. Але асцярожна: жорсткія кадры!
Сёння і заўтра ў Беларусі снег і моцны вецер, на дарогах вельмі небяспечна, шмат аварый. Будзьце асярожныя і беражыце сябе.