Замест «Амстэрдама» ў «Кароне» будзе Burger King, а замест «Дома» — «Адэса-мама»

Замест кавярні «Амстэрдам» у гіпермаркеце «Карона» на Кальварыйскай, 24 у Мінску адкрываюць фастфудны рэстаран Burger King, а на месцы рэстабара Dom на Рэвалюцыйнай, 26 хутка запрацуе другая ўстанова бюджэтнай сеткі «Адэса-мама», паведаміў Koko.by.

14.03.2023 / 18:32

Пра тое, што на месцы сеткавай кавярні «Амстэрдам» (яна працуе ва ўсіх «Каронах») на Кальварыйскай адкрыюць ужо 15-ы па ліку ў Мінску рэстаран фастфуду Burger King, сведчыць і шыльда на ўваходзе ў ГЦ, і білборд аб хуткім адкрыцці на пад'ездзе да самой «Кароны».

Што тычыцца трохпавярховага бара-рэстарана «Дом» на Рэвалюцыйнай, 26, адносна тэхнічнага перапынку ў працы якога з'явілася аб'ява ў лютым, то замест яго збіраюцца адкрыць другую ў Мінску ўстанову сеткі бюджэтнай кухні «Адэса-мама». Першая такая ўстанова працуе ў ТРЦ Dana Mall.

Уладальнік рэстабара «Дом», рэстаратар Сяргей Міргарадскі, разам з жонкай і 24-гадовым сынам затрымліваўся ў жніўні 2022-га за ўдзел у пратэстах 2020 года. Магчыма, закрыццё ўстановы неяк з гэтым можа быць звязана.

Nashaniva.com