Ствараецца інфармацыйны рэсурс дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій паводле прынцыпу «адно акно»

Пра намер стварыць адзіную платформу для дапамогі палітвязням і іх сем'ям заявіла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета, былая палітзняволеная Вольга Гарбунова. 

14.03.2023 / 22:32

Вольга Гарбунова

Гарбунова ініцыявала платформу, бо памятае, як гэта — «выйсці з зняволення ў поўнай разгубленасці, страху, дэзарыентацыі».

«Кожны дзень я сустракаю людзей, якія не могуць зразумець у вялікай плыні інфармацыі і новых назваў, дзе шукаць падтрымку. Многія застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі, адчуваюць сябе забытымі», — акрэсліла праблему актывістка.

Яна адзначыла, што, нягледзячы на намаганні вялікай колькасці арганізацый і ініцыятыў, якія з 2020 года былі ўключаны ў дапамогу рэпрэсаваным, «мы не былі гатовы да такой колькасці пацярпелых, не ўлічылі стан, у якім знаходзяцца людзі, не ведалі, што за два гады можна так хутка разбурыць у краіне ўсю сацыяльную інфраструктуру».

На сайце плануецца размяшчаць актуальную інфармацыю «пра арганізацыі, фонды, ініцыятывы, дыяспары, якія дапамагаюць людзям».

Вольга Гарбунова запрашае запоўніць спецыяльную анкету не толькі прадстаўнікам ініцыятыў, якія дапамагаюць, але і тым, хто карыстаўся іх дапамогай.

Nashaniva.com