Лявон Вольскі прэзентаваў «Калыханку»

На ютуб-канале Лявона Вольскага кампазіцыя ахарактарызаваная як «лірычная песня пра тое, як нялёгка і як пачэсна быць Беларусам у гэты складаны, шчымлівы і балючы час».

23.03.2023 / 13:16

Песня напісаная на словы былога дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука.

Калыханка

...І голасу ўсіх не пазбавяць,
Толькі цябе.
І не пазбавяць усіх Радзімы,
Толькі цябе.
І ў турму ўсіх не кінуць,
Толькі цябе.
І на вайне ўсіх не заб’юць,
Толькі цябе.
Але любіць будуць
Толькі цябе.
І памінаць у малітве будуць
Толькі цябе,
Бо голас Беларусі
Толькі ты.

Прэзентацыя трэцяга тома трылогіі «Галасы Беларусі» адбудзецца 23 сакавіка ў Вільні ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасці ў 18:00 па адрасе Vilniaus 20. Уваход вольны. Трылогію выпусціла «Бібліятэка Свабоды».

«Тры гады новага беларускага адраджэння можна апісаць трыма словамі: паўстанне, турма, вайна. Гэтая трылогія гістарычнага руху, кажучы словамі Гегеля, з'яўляецца шляхам усведамлення свабоды. У формулы ёсць другая частка — свабоду трэба ўсвядоміць як неабходнасць», — падкрэсліў Аляксандар Лукашук.

На прэзентацыі ў Вільні адбудзецца і першы жывы выступ Лявона Вольскага з песняй «Калыханка».

Nashaniva.com