Стартуе кампанія падтрымкі палітвязняў «Пакуль усе не будуць вольныя»

«25 сакавіка на дзень Волі мы запускаем кампанію «Пакуль усе не будуць вольныя», дзе вядомыя беларусы і беларускі будуць падтрымліваць нашых палітычных зняволеных не толькі інфармацыйна, але і напрамую», — паведамілі ініцытыва Dissident.by і фонд «Краіна для жыцця».

23.03.2023 / 21:53

«На сённяшні дзень, калі свет спрабуе справіцца з усведамленнем вайны ў Еўропе, а таксама яшчэ не ўсвядоміў да канца трагедыю землятрусу ў Турцыі, людзі часткова забыліся на палітвязняў у нашай краіне. На вялікі жаль, працэс барацьбы з дыктатурай Беларусі не атрымаўся хуткім. Замест чаканага пасля падзей 20-га года спрынту мы атрымалі доўгі крос, з вялікай колькасцю перашкод і падводных камянёў», — канстатуюць арганізатары кампаніі.

«На гэтым працяглым шляху мы, неабыякавыя і салідарныя, — адзіныя, хто можа быць голасам ізаляваных ад грамадства людзей», — заяўляюць яны.

«Эфектыўная падтрымка чалавека ў зняволенні не можа быць разавай.

Толькі рэгулярнае ўключэнне палітычных актараў, апазіцыйных лідараў, сусветнай супольнасці і дыяспар, а таксама жыхароў/ак краіны можа гарантаваць захаванне фізічнага і псіхалагічнага здароўя дысідэнтаў і іх блізкіх».

Акрамя таго, людзі ўнутры краіны часта запалоханыя і не гатовыя гаварыць пра сваіх блізкіх з-за страху пераследу. Тым гучней павінен быць голас тых, хто такую магчымасць мае, знаходзячыся па-за дасяжнасцю крывавых лап дыктатуры», — сцвярджаюць актывісты.

Згэтуль вынікае:

«Найбольш чуваць у сучасным свеце галасы вядомых беларусаў і беларусак: прадстаўнікоў/іц праваабарончай супольнасці, грамадзянскіх актывістаў/ак, апазіцыйных лідараў/ак і журналістаў/ак.

Менавіта яны маглі б узяць апекаванне над тым ці іншым вязням/вязынкай рэжыма Лукашэнкі, каб абараняць інтарэсы зняволенага/ай на розных медыя-пляцоўках, у СМІ, агучваць праблемы не размытых «тысяч палітвязняў», але цяжар канкрэтнага чалавека і яго сям'і».

Nashaniva.com