Лукашэнка ў 2022-м: «Я не планую размяшчаць ядзерную зброю. Такога ніколі не было». Пуцін у 2023-м: «Аляксандр Рыгоравіч даўно прасіў размясціць ядзерную зброю»

Журналісты ўзгадалі словы Аляксандра Лукашэнкі наконт ядзернай зброі, якія ён сказаў роўна год таму, у сакавіку 2022 года, калі даў інтэрвʼю японскаму тэлеканалу TBS.

27.03.2023 / 15:18

Тады журналіст спытаў, навошта ў Канстытуцыі прыбралі замацаваны статус Беларусі як бяз’ядзернай краіны, а таксама пацікавіўся, ці мае намер Лукашэнка размясціць у краіне ядзерную зброю і ці прасіў яго аб гэтым Уладзімір Пуцін.

«Я не планую размяшчаць тут ядзерную зброю, вырабляць тут ядзерную зброю, ствараць і выкарыстоўваць гэтую ядзерную зброю супраць каго б там ні было. Такога ніколі не было ў планах беларускага кіраўніцтва і ў маіх планах», — сказаў тады Лукашэнка.

А вось цяпер высветлілася, што Лукашэнка «даўно ставіць пытанне аб магчымасці размяшчэння на тэрыторыі сваёй краіны расійскай тактычнай ядзернай зброі». Пра гэта распавёў Уладзімір Пуцін.

Nashaniva.com