«Узялі з доказамі злачынства». У Крамлі пракаментавалі затрыманне журналіста WSJ

У Крамлі заявілі, што журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча, падазраванага ў шпіянажы, затрымалі на месцы злачынства. Так прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў адказаў на просьбу журналістаў пракаментаваць інфармацыю аб затрыманні грамадзяніна ЗША ў Екацярынбургу.

30.03.2023 / 13:55

Эван Гершковіч, фота УКантакце

«Гэта прэрагатыва ФСБ. Уласна, ужо была заява ад Федэральнай службы бяспекі. Тут нам няма чаго дадаць. Адзінае, што я магу сказаць, наколькі нам вядома, яго ўзялі з доказамі злачынства», — сказаў Пяскоў на брыфінгу, дадаўшы, што не ведае іншых дэталяў справы.

На пытанне, ці можа затрыманне Гершковіча справакаваць праверкі расійскіх карпунктаў у ЗША, прадстаўнік Крамля адказаў: «Мы спадзяемся, што гэтага не будзе і гэтага не павінна быць. Таму што яшчэ раз паўтараю: гаворка ідзе не пра падазрэнні, а гаворка ідзе пра тое, што ён быў затрыманы з доказамі злачынства»».

Пра лёс карпункта The Wall Street Journal у Расіі Пяскоў сказаў наступнае: «Тыя, хто ажыццяўляе нармальную журналісцкую дзейнасць, зразумела, калі ў іх ёсць дзеючая акрэдытацыя, яны будуць далей працаваць. Тут ніякіх праблем не будзе»».

У Екацярынбургу журналіста The Wall Street Journal затрымалі па падазрэнні ў шпіянажы

Nashaniva.com